БРА́СЛАЎСКАЯ ГРАДА́,
Браслаўскае ўзвышша, фізіка-геаграфічны раён прав. Усх. Прыбалтыка, на З Віцебскай вобл. ў Браслаўскім і Мёрскім р-нах. На Пн абмежавана далінай Зах. Дзвіны, на У і Пд — Полацкай нізінай, на З прадаўжаецца як Балтыйская града. Працягнулася з З на У на 66 км, з Пн на Пд амаль на 60 км. Пл. каля 1,9 тыс. км². Найб. выш. 210 м над узр. м. Прымеркавана да Прыбалтыйскай монакліналі — паўн.-зах. схілу Беларускай антэклізы. Сфарміравалася як канцова-марэнае ўзвышша ў час браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення. Рэльеф вызначаецца маладосцю і свежасцю формаў. Краявы ледавіковы рэльеф утвораны з градаў, якія веерападобна разыходзяцца на Пн, ПнУ і У, ствараючы водападзелы паміж паніжэннямі з азёрамі. Пашыраны камы і озы (найб. вядомы каля воз. Поцех). Характэрны таксама ўзгорысты і раўнінны рэльеф асн. марэны, участкі зандравай і водна-ледавіковай нізін. Трапляюцца тэрмакарставыя западзіны. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 550 мм за год. Найб. рака — Друйка (бас. Зах. Дзвіны), якая цячэ праз некалькі азёр. Пад азёрамі каля 10% тэрыторыі, большасць з іх належыць да Браслаўскай групы азёр. Лясы займаюць 20%, пад ворывам 60% плошчы. У межах Браслаўскай грады нац. парк Браслаўскія азёры, зоны адпачынку, санаторыі, турбаза.
Л.У.Мар’іна.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)